Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт прыняў удзел у Міжнародным форуме дзелавых кантактаў «Брэст-Кітай. Стратэгічнае партнёрства», які пачаў сваю працу 23 красавіка 2024 года. На секцыйным пасяджэнні адбылася прэзентацыя вопыту супрацоўніцтва БрДТУ з інстытутамі і ўніверсітэтамі Кітайскай Народнай Рэспублікі ў галіне адукацыі і навукі. Удзельнікам форуму былі прадэманстраваны розныя мадэлі беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння, апрабаваныя ўніверсітэтам. Праграмай знакавага для Брэсцкай вобласці мерапрыемства было прадугледжана наведванне кітайскай дэлегацыяй Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. У рамках візіту адбылося падпісанне міжвузаўскага пагаднення аб супрацоўніцтве з Аньхойскім універсітэтам. Свае подпісы пад дакументам паставілі прарэктар партнёрскага ўніверсітэта Ван Шоўга і рэктар БрДТУ С.А. Каспяровіч. У ходзе знаёмства з інфраструктурай універсітэта госці пераканаліся ў высокім навукова-адукацыйным і навукова-даследчым патэнцыяле БрДТУ.
